Рэжым працы:
09.00 - 18.00 / ПН-ПЦ
Перапынак: 13:00-14.00
220026, г. Мінск, вул. Пляханава, 18А
Тэлефоны прыемнай:
+375 (17) 346-88-48 / дзяжурны
+375 (17) 346-88-46 / факс

Навiны

Меню раздела
24.01.2019

Мар'яна Шчоткіна: "Устойлівае развіцце залежыць ад кожнага з нас"

Першы Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці пройдзе ў Мінску 24 студзеня. Чакаецца, што ён збярэ больш за 400 чалавек. Аб праграме і асаблівасцях маючага адбыцца мерапрыемства, а таксама аб перспектывах пашырэння праводзімай у Беларусі работы па дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказала намеснік старшыні Савета Рэспублікі, нацыянальны каардынатар па МУР Мар'яна Шчоткіна.

- Мар'яна Акіндзінаўна, рэзалюцыя Генасамблеі ААН "Пераўтварэнне нашага свету: Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года" і зафіксаваныя ў ёй 17 Мэт устойлівага развіцця былі прыняты ў верасні 2015 года. Беларусь выказала прыхільнасць да Парадку дня-2030. Якія захады былі зроблены для яго рэалізацыі на нацыянальным узроўні? Як вы ацэньваеце дасягнутыя вынікі?

- Прыняцце Парадку дня-2030 і 17 зафіксаваных у ім Мэт устойлівага развіцця (МУР) запатрабавала ад усіх дзяржаў перагляду і канкрэтызацыі нацыянальных праграмных дакументаў, а таксама стварэння механізмаў для арганізацыі працэсу па выкананні Мэт, накіраваных на ліквідацыю беднасці, барацьбу з няроўнасцю, вырашэнне праблем, звязаных са змяненнем клімату, і іншых важных пытанняў. Гэта своеасаблівы план па захаванні міру і стабільнасці на планеце. Беларусь выказала прыхільнасць да Парадку дня-2030 і зрабіла шэраг важных захадаў для яго рэалізацыі на нацыянальным узроўні. Праводзімая ў краіне работа па дасягненні МУР знаходзіцца на асабістым кантролі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, што падкрэслівае асаблівую значнасць гэтага пытання для краіны. У маі 2017 года ў Беларусі былі сфарміраваны інстытуцыянальныя асновы для кіравання работай у галіне рэалізацыі МУР. Заснавана пасада нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Выбудавана нацыянальная архітэктура кіравання працэсам дасягнення МУР. Яна ўключае Савет па ўстойлівым развіцці, парламенцкую, рэгіянальныя і партнёрскую групы ўстойлівага развіцця, якія забяспечваюць эфектыўнае ўзаемадзеянне дзяржаўнага сектара з грамадскімі арганізацыямі, навуковымі коламі, бізнес-супольнасцю, міжнароднымі партнёрамі. У адпаведнасці з рашэннем Савета па ўстойлівым развіцці, кожная з 17 МУР замацавана за дзяржаўнымі органамі, у кампетэнцыю якіх уваходзіць вырашэнне адпаведных пытанняў. Пры гэтым усе задзейнічаныя дзяржаўныя органы ўваходзяць у склад чатырох галіновых блокаў: эканоміка, экалогія, сацыяльная сфера, маніторынг. Гэта забяспечвае дакладны ўлік і каардынацыю работы па дасягненні МУР.

Па меры фарміравання архітэктуры кіравання працэсам дасягнення МУР у Беларусі арганізавана работа па забеспячэнні маніторынгу паказчыкаў дасягнення Мэт, якую ўзначальвае Нацыянальны статыстычны камітэт. Наладжана ўзаемадзеянне з міжнароднымі партнёрамі па пытаннях дасягнення глабальных Мэт.

З улікам афармлення сістэмы інстытутаў па рабоце ў галіне ўстойлівага развіцця, а таксама важнасці забеспячэння іх сумеснай дзейнасці, у тым ліку пры распрацоўцы стратэгічных дакументаў у сферы ўстойлівага развіцця, наспела неабходнасць правядзення агульнанацыянальнага мерапрыемства для ўсебаковага разгляду пытанняў дасягнення МУР з удзелам усіх уключаных у гэты працэс бакоў.

- Які парадак дня першага Нацыянальнага форуму па ўстойлівым развіцці? У чым яго асаблівасці?

- Форум пройдзе пад дэвізам "Ва ўстойлівую будучыню - разам!" Мерапрыемства дасць магчымасць прааналізаваць работу ў сферы дасягнення МУР, праведзеную ў краіне пасля прыняцця Парадку дня-2030, разгледзець бягучую сітуацыю ў галіне ўстойлівага развіцця, намеціць стратэгічныя, інстытуцыянальныя і практычныя арыенціры далейшай дзейнасці на каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновую перспектывы.

Цяпер ідзе работа па імплементацыі паказчыкаў МУР у Нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця да 2030 года, рэспубліканскія, галіновыя, рэгіянальныя праграмы рознага ўзроўню. Ключавым напрамкам далейшай работы па нацыяналізацыі Мэт павінна стаць іх імплементацыя ў Нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года. Над гэтым дакументам праведзена ўжо вялікая работа, і праект яго канцэпцыі стане адной з тэм для абмеркавання на форуме. У ім прымуць удзел больш за 400 чалавек. Гэта прадстаўнікі дзяржаўных органаў, парламента, навукі і адукацыі, бізнесу, грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў і іншыя зацікаўленыя. Вельмі важны ўдзел у форуме рэгіянальных груп па дасягненні МУР. Мы разумеем, што планы развіцця тэрыторый павінны прапаноўваць перш за ўсё прадстаўнікі органаў мясцовага кіравання з улікам патрэбнасцей і інтарэсаў грамадзян. Устойлівае развіццё раёнаў, гарадоў, сельскіх тэрыторый - гэта аснова ўстойлівага развіцця рэгіёнаў, і як вынік - краіны ў цэлым. Удзельнікамі маючага адбыцца мерапрыемства стануць прадстаўнікі агенцтваў ААН і міжнародныя эксперты. Спецыяльна да нас на форум з Нью-Ёрка прыляціць памочнік Генеральнага сакратара ААН, дырэктар рэгіянальнага бюро ПРААН па Еўропе і краінах СНД Мір'яна Сполярыч Эгер. Яе візіт у Беларусь стане першым краінавым візітам на гэтай пасадзе.

На форуме будзе прадстаўлены нацыянальны вопыт Беларусі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Панэльныя дыскусіі пройдуць па некалькіх тэматычных напрамках: устойлівы эканамічны рост як умова забеспячэння высокага ўзроўню жыцця беларускага народа; гарантаванне экалагічнай бяспекі, захаванне і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў; паляпшэнне якасці жыцця праз здароўе, запатрабаваную адукацыю, дастойную работу; сістэма маніторынгу і ацэнкі імплементацыі Мэт устойлівага развіцця.

Будуць абмеркаваны магчымасці больш эфектыўнага выкарыстання патэнцыялу ўзаемадзеяння грамадства, бізнесу і ўлады для ўстойлівага развіцця, роля прадпрымальніцтва ва ўстойлівым развіцці рэгіёнаў, перспектывы глабальнага партнёрства. Размова пойдзе аб мерах па барацьбе са змяненнем клімату, рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў, уключэнні ў гаспадарчы абарот другаснай сыравіны. У цэнтры ўвагі будуць таксама пытанні эфектыўнай занятасці, пашырэння правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, гендарнай роўнасці і інш. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням лічбавізацыі як драйвера эканамічнага росту. Асобна абмяркуем трансфармацыю энергетычнай сістэмы.

У час форуму будзе прэзентавана Нацыянальная платформа па прадстаўленні справаздачнасці па Мэтах устойлівага развіцця - як асноўны інструмент для маніторынгу і распаўсюджвання даных аб індыкатарах Мэт. Упершыню для маніторынгу дасягнення МУР плануецца выкарыстоўваць касмічныя тэхналогіі.

Для нас вельмі важны ўдзел моладзі ў працэсе дасягнення Мэт устойлівага развіцця. На форуме адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу "Маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця - будучыня планеты ў нашых руках!" Гэта актыўныя маладзёжныя лідары, дзейнасць якіх будзе садзейнічаць рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі ў галіне МУР. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 200 студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі.

Акрамя таго, будуць узнагароджаны пераможцы конкурсу "Супергероі для супермэт", накіраванага на павышэнне дасведчанасці моладзі аб Мэтах устойлівага развіцця і ўключэнне маладых людзей у работу па іх папулярызацыі. На конкурс было прадстаўлена больш за 500 работ - ілюстраваных гісторый па тэматыцы МУР. У іх маладыя людзі прадставілі сваіх супергерояў.

- З 1 лютага ўступае ў сілу абноўлены закон аб нарматыўных прававых актах, у якім, акрамя іншага, устаноўлена патрабаванне аб адпаведнасці прымаемых нарматыўных прававых актаў Мэтам устойлівага развіцця. Такі закон - першы на постсавецкай прасторы. У свой час у Савеце Рэспублікі назвалі яго распрацоўку і прыняцце значным дасягненнем. Чаму такое новаўвядзенне ў заканатворчым працэсе важна і як гэта павінна паўплываць на жыццё людзей?

- У Нацыянальным сходзе Беларусі сфарміравана адзіная парламенцкая група, у склад якой увайшлі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі. Асноўная задача гэтай групы ў тым, каб ацэньваць рэгулятарнае ўздзеянне законапраектаў на працэсы ўстойлівага развіцця і забяспечваць парламенцкі кантроль у гэтай галіне. Наша агульная мэта - выпрацоўваць заканадаўчыя рашэнні, якія забяспечваюць фарміраванне спрыяльных умоў для развіцця эканомікі і краіны ў цэлым.

Жыццё не стаіць на месцы. Сёння патрэбны законы новага пакалення, навукова абгрунтаваныя і дэталёва вывераныя. Адна з важных функцый кіравання - прагназаванне. Законы павінны працаваць на апярэджанне, улічваць не толькі рэаліі, але і перспектывы.

Прыняты закон "Аб нарматыўных прававых актах" дае магчымасць не толькі прагназавання, але і ацэнкі існуючага і прымаемага заканадаўства на адпаведнасць Мэтам устойлівага развіцця.

- Развіццё супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі - важнейшы аспект для дасягнення МУР. Як Беларусь узаемадзейнічае ў гэтым плане з ААН і іншымі міжнароднымі арганізацыямі? Ці ёсць планы па рэалізацыі новых сумесных праектаў, ініцыятыў?

- Мы актыўна працуем з краінавай камандай ААН, пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі Іааннай Казана-Вішнявецкі. Наша краіна адкрыта для супрацоўніцтва. Зусім не выпадкова апошняй, 17-й Мэтай з'яўляецца партнёрства ў інтарэсах устойлівага развіцця. Узаемадзеянне з нашымі партнёрамі забяспечвае выніковасць сумеснай работы. Вельмі важна, што гэта тэматыка не палітызавана, яна накіравана на паляпшэнне жыцця людзей.

Добрым прыкладам у гэтым напрамку стала партнёрства з экспертна-кансультатыўнай місіяй MAPS ("Інтэграцыя, паскарэнне і падтрымка палітыкі"). У склад місіі ўвайшлі эксперты ПРААН, ЮНІСЕФ, Дэпартамента ААН па эканамічных і сацыяльных пытаннях, ЮНФПА, МАП, СААЗ і Сусветнага банка, якія ў лістападзе - снежні 2017 года правялі ў Беларусі сустрэчы з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, грамадскімі арганізацыямі, бізнесам для аналізу дасягненняў краіны ў галіне ўстойлівага развіцця ў гэтай сферы.

Сутнасць вывадаў місіі MAPS у тым, што Беларусь дасягнула значных поспехаў ва ўстойлівым развіцці з моманту станаўлення сваёй незалежнасці. У Дакладзе аб чалавечым развіцці 2016 года Беларусь заняла 52-е месца сярод 188 краін і ўвайшла ў групу краін з "даходамі вышэйшымі за сярэдні ўзровень". Адной з ключавых асаблівасцей беларускай палітыкі ў галіне развіцця з'яўляецца яе моцная сацыяльная арыентаванасць нараўне са значнай зацікаўленасцю ў тэхнічных інавацыях і ўзятым у краіне курсам на развіццё рыначнай эканомікі. Па выніках сумеснай работы Савета па ўстойлівым развіцці і місіі MAPS вызначаны платформы паскарэння рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця. Гэта кропкі росту, укладанне чалавечых і фінансавых інвестыцый у якія будзе накіравана на дасягненне комплексу ўзаемазвязаных Мэт.

Высокую ацэнку дзейнасці па дасягненні МУР, якая праводзіцца ў Беларусі, далі і эксперты саміту Сусветнага эканамічнага форуму па ўстойлівым развіцці, што прайшоў у Нью-Ёрку ў кастрычніку 2018 года і быў прымеркаваны да адкрыцця 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Беларусь была запрошана на саміт упершыню.

У планах - далейшае пашырэнне супрацоўніцтва з міжнароднымі партнёрамі. Акрамя арганізацый мы хацелі б узаемадзейнічаць на гэтым напрамку з іншымі міжнароднымі ігракамі, уключаючы буйныя кампаніі, якія гатовы працаваць на карысць устойлівага развіцця.

У бліжэйшы час ва ўзаемадзеянні з нашымі міжнароднымі партнёрамі плануем запусціць сумесны праект "Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця". Работа будзе ісці па некалькіх напрамках: падтрымка функцыянавання нацыянальных механізмаў па імплементацыі і пашырэнні МУР; садзейнічанне ў распрацоўцы нацыянальных і рэгіянальных дакументаў прагназавання і планавання з улікам МУР; садзейнічанне ў стварэнні эфектыўнай сістэмы маніторынгу рэалізацыі Мэт на нацыянальным і мясцовым узроўнях; кіраванне ведамі, маніторынг і ацэнка.

- Калі вылучыць галоўнае ў праведзенай ужо рабоце па дасягненні МУР, на чым вы зрабілі б акцэнт?

- У Беларусі выбудаваны асновы сістэмнай работы па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. У гэты працэс уключаны шырокія колы зацікаўленых. Як я ўжо адзначала, сфарміравана нацыянальная архітэктура па дасягненні МУР. Парадкам дня-2030 прадугледжана правядзенне ўсёабдымных аглядаў прагрэсу дасягнення МУР на нацыянальным, рэгіянальным і глабальным узроўнях. Наша краіна падрыхтавала і прадставіла гэтыя агляды на ўсіх трох узроўнях. Так, Беларусь прадставіла сваю дзейнасць па дасягненні Мэт устойлівага развіцця на глабальным узроўні ў ліпені 2017 года на палітычным форуме ААН па ўстойлівым развіцці ў Нью-Ёрку. Даклад атрымаў станоўчыя ацэнкі міжнародных партнёраў, а яго прадстаўленне дало магчымасць ужо на першым этапе заявіць аб актыўнай ролі Беларусі ў працэсе дасягнення МУР.

На рэгіянальным узроўні Беларусь прэзентавала дзейнасць па дасягненні Мэт у лютым 2018 года на Мінскім форуме нацыянальных каардынатараў МУР. Ініцыятыва па стварэнні партнёрскай сеткі нацыянальных каардынатараў МУР атрымала ўсебаковую падтрымку. Вынікі гэтай работы былі прадстаўлены на Рэгіянальным форуме ЕЭК ААН у Жэневе ў сакавіку 2018 года. Нагадаю, што на маючым адбыцца 24 студзеня форуме будуць прааналізаваны вынікі праведзенай работы і вызначаны далейшыя перспектывы па дасягненні МУР на нацыянальным узроўні. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена рэалізацыі даручэнняў кіраўніка дзяржавы, якія былі дадзены ў час майго даклада па пытаннях дасягнення Мэт устойлівага развіцця ў ліпені 2018 года.

Вельмі важна прыцягнуць да работы па дасягненні МУР як мага больш людзей. Паколькі ўстойлівае развіццё залежыць ад кожнага з нас. Толькі разам мы даб'ёмся намечанага. Невыпадкова дэвіз першага Нацыянальнага форуму па МУР - "Ва ўстойлівую будучыню - разам!".

 Святлана САЎКО, БелТА
Вышэйстаячы дзяржаўны орган: Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь
Вышэйстаячы дзяржаўны орган: Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь

Адрас: 220004, г.Мінск, вул.Калектарная, 10
Час працы: Пн-Пт 9.00 - 18.00, абедзенны перапынак: 13.00 - 14.00
E-mail:minproos@mail.belpak.by
Прыемная: (+375 17) 200-66-91
Канцылярыя: (+375 17) 200-68-44
Факс: (+375 17) 200-55-83