Загрузка...
Рэжым працы:
09.00 - 18.00 / ПН-ПЦ
Перапынак: 13:00-14.00
220026, г. Мінск, вул. Пляханава, 18А
Тэлефоны прыемнай:
+375 (17) 350-88-48 / дзяжурны
+375 (17) 348-88-46 / факс

Навiны

Меню раздела
09.04.2021

Палы сухой расліннасці шкодзяць усяму жывому

Неабачліва падпальваючы сухую леташнюю траву ўздоўж дарог, на ўзлесках, палях і лугах, дарослыя і дзеці, магчыма, нават не падазраюць, што іх дзеянні могуць прывесці да негатыўных наступстваў для прыроды і чалавека, адзначылі ў Мінпрыроды.

Палы сухой расліннасці шкодзяць усяму жывому

Паводле інфармацыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ад спальвання сухой травы збядняецца глеба, а мінеральныя рэчывы, што ўтрымліваюцца ў попеле, даволі лёгка сыходзяць з паверхневымі і грунтавымі водамі, і толькі нязначная іх частка засвойваецца раслінамі. Працэс гарэння суправаджаецца выкідам у атмасферу вуглякіслага газу, згарае кісларод. На забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях у паветра з агнём і дымам трапляюць радыеактыўныя рэчывы, якія ветрам пераносяцца на значныя адлегласці. У агні згараюць рэшткі ўгнаенняў і ядахімікатаў, утвараючы лятучыя таксічныя арганічныя і неарганічныя злучэнні. Пры выпальванні травы ўздоўж аўтадарог адбываецца забруджванне паветра цяжкімі металамі.

У выніку выпальвання сухой травы збядняецца відавы склад лугавой расліннасці і жывёльнага свету. Усюды, дзе прайшоў агонь, не будзе ўжо ранейшага разнатраўя, пустазелле захопіць гэтую тэрыторыю. Палы знішчаюць не толькі расліны, у полымі гінуць бесхрыбтовыя, насякомыя, жабы, яшчаркі, а таксама гараць гнёзды птушак (у многіх з крылатых гнездавы перыяд пачынаецца ў красавіку).

Паводле ацэнак вучоных, у 10 см верхняга слою глебы ўтрымліваюцца ці з ім звязаныя каля 90 % фларыстычнай і фаўністычнай разнастайнасці лугавых экасістэм, якія знікаюць у агні. Акрамя таго, выпальванне сухой расліннасці часта прыводзіць да ўзгарання тарфянікаў і лясных насаджэнняў. Штогод 10-12 % лясных пажараў у рэспубліцы ўзнікаюць па прычыне правядзення вясновых палаў.

У выніку лясных пажараў краіна нясе вялікія эканамічныя і экалагічныя страты. Акрамя знішчэння каштоўнай драўніны і выдаткаў на тушэнне пажараў сюды можна аднесці страты ад зніжэння колькасці кіслароду, фітанцыдаў, якія выдзяляюцца лесам, а таксама пагаршэнне якасці і стану лясоў, непрыдатнасць для выкарыстання іх у рэкрэацыйных мэтах і інш. Такія пажары знішчаюць лясных звяроў і птушак, змяншаюць прырост дрэвастояў, павялічваюць верагоднасць бураломаў і аслабляюць лясныя масівы. Затым дрэвастоі, якія ўсыхаюць, становяцца ачагамі шкоднікаў і хвароб лесу.

Варта таксама памятаць, што выпальванне сухой расліннасці і сельскагаспадарчыя палы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ЗАБАРОНЕНЫ (арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце”). У адпаведнасці з арт. 16.40 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў на зямельных участках цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. А за раскладанне вогнішчаў у забароненых месцах можна атрымаць папярэджанне ці штраф у памеры да 12 базавых велічынь (арт. 16.41 КОАП). Прадугледжана за падобныя парушэнні і крымінальная адказнасць.

Акрамя таго, за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў юрыдычныя і фізічныя асобы пакрываюць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю.

Падчас палаў гарыць не проста трава – гарыць дом, у якім мы жывем. Таму перш чым кінуць запалку, трэба падумаць, што гэтыя дзеянні нанясуць непапраўную шкоду прыродзе!

Па матэрыялам Веранікі Коласавай, часопіс "Родная прырода"
Вышэйстаячы дзяржаўны орган: Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь
Вышэйстаячы дзяржаўны орган: Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь

Адрас: 220004, г.Мінск, вул.Калектарная, 10
Час працы: Пн-Пт 9.00 - 18.00, абедзенны перапынак: 13.00 - 14.00
E-mail:minproos@mail.belpak.by
Прыемная: (+375 17) 200-66-91
Канцылярыя: (+375 17) 200-68-44
Факс: (+375 17) 200-55-83