3 чэрвеня адбылося адкрыццё экалагічнай сцежкі «Царства жоўтагаловага Каралька»
Мерапрыемства, прымеркаванае да Дня аховы навакольнага асяроддзя, прайшло з удзелам намесніка Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь А.М.Корбута, старшыні камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя С.А.Дубніцкага, кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна г.Мінска С.М.Масляка, дырэктара Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця Р.В.Шайкіна.
Таксама былі ўскладзены кветкі да помніка воінам 120-ай дывізіі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, размешчанага на тэрыторыі СШ №141, праведзена экскурсія ў першы рэсурсны цэнтр «Зялёныя класы беларускай сталіцы».
Экасцежка "Царства жоўтагаловага Каралька" знаходзіцца ў жылым раёне Паўночны ў лесапарку "Ангарская-2". Працягласць сцежкі складае 700 м. Тут устаноўлены лаўкі, уладкаваны сцяжынкі, урны, інфармацыйныя стэнды на экалагічную тэматыку, адзін з якіх інтэрактыўны, з галасамі розных птушак.
Назва "Царства жоўтагаловага Каралька" не выпадкова. Менавіта на гэтай тэрыторыі выяўленая ўстойлівая папуляцыя самай маленькай птушачкі Еўразіі.
На экасцежцы "зеленакласнікі" са школы № 141 і іншыя юныя аматары прыроды з навучальных устаноў Заводскага раёна заклалі ядлаўцовую алею. У галінах гэтай вечназялёнай расліны хаваюцца і знаходзяць сабе пражытак жоўтагаловыя каралькі. Гэтая экасцежка стала ўжо другой на карце Заводскага раёна г. Мінска. Першая, арганізаваная ў Чыжоўцы, даўно стала ўлюбёным месцам адпачынку многіх гараджан.